Герои Стародорожчины

    Мачульскі Раман Навумавіч (30.11.1903 - 25.04.1990)

    Ураджэнец в. Крываносы Старадарожскага раёна. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага падполля і партызанскага руху ў Беларусі.

    У гады Вялікай Айчыннай вайны ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б у Мінскай і Палескай абласцях, сакратар Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, камандзір партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны Мінскай вобласці.

    Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1944 годзе за вялікія заслугі ў арганізацыі і развіцці партызанскага руху, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

    Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна. Аутар кніг «Старонкі бессмяротнасці», «Люди высокого долга», «Вечный огонь», «На огненной земле».

    Непачаловіч Іван Барысавіч (15.01.1922 - люты 1991)

    Ураджэнец в. Арэхаўка Старадарожскага раёна. У Чырвонай Арміі з 1941 года, са снежня 1943 года – лётчык-штурмавік на 3-м Украінскім фронце.

    Удзельнік вызвалення Украіны, Малдавіі, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі. Зрабіў 179 баявых вылетаў. У 1945 годзе за высокае майстэрства, мужнасць, адвагу і гераізм, праяўленныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

    Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.

    Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Пахаваны ў в. Мінкавічы Старадарожскага раёна.

    Палаўчэня Гаўрыіл Антонавіч (01.05.1907 - 1988)

    Ураджэнец в. Языль Старадарожскага раёна. Прызваны ў Чырвоную Армію ў 1929 годзе. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гадоў. 3 чэрвеня 1941 года знаходзіўся на Заходнім, Калінінскім, 2-м Украінскім франтах – намеснік камандзіра, камандзір 141-га асобага танкавага батальёна, 4-й ударнай арміі Паўночна-Заходняга фронту.

    Капітан Палаўчэня вызначыўся пры вызваленні Калінінскай вобласці. 16 студзеня 1942 года падтрымаў наступленне стралковага палка, удзельнічаў у вызваленні гарадоў Тарапец, Андрэапаль. За праяўленыя мужнасць і гераізм у 1942 годзе прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

    Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Яго імя носяць вуліцы ў вёсцы Языль Старадарожскага раёна і горадзе Андрэапалі. Пахаваны ў г. Нікалаеве.

    Кулікоў Фёдар Фёдаравіч (15.04.1914 - 16.12.1979)

    Ураджэнец в. Ігодава Кастрамской вобласці. Вызваляў у 1944 годзе горад Старыя Дарогі і Старадарожскі раён. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у 1945 годзе прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

    Пасля вайны больш як 30 год працаваў у раёне. Спачатку ваенным камісарам раёна, пасля выхаду ў запас – старшынёй выканаўчага камітэта Старадарожскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, выкладчыкам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў сярэдняй школе № 1 г. Старыя Дарогі.

    Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Яго імя носяць вуліцы ў горадзе Старыя Дарогі і ў пасёлку Астроускі Кастрамской вобласці.

    Героі Сацыялістычнай працы

    Ралько Уладзімір Антонавіч

    Нарадзіўся 30 ліпеня 1922 года ў в. Падарэссе Старадарожскага раёна. Скончыў Краснадарскае ваеннае вучылішча. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. 3 чэрвеня 1942 года – партызан атрада імя Камарова, з лістапада 1943 года — камандзір аддзялення атрада імя Варашылава брыгады імя Будзённага ў Пінскай вобласці.

    У 1944-1950 гадах – старшы інспектар ЦСУ Пінскага раёна. З 1950 па 1992 гады ўзначальваў калгас «Аснежыцкі» Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. За поспехі ў развіцці жывёлаводства, павелічэнні вытворчасці і загатоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена двойчы /1958, 1976/.

    Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.

    У цэнтры калгаса «Аснежыцкі» устаноўлены бронзавы бюст. Занесены ў Кнігу Народнай Славы Старадарожскага раёна.

    Памёр 1 снежня 2006 года.

    Барысік Васіль Іванавіч

    Нарадзіўся 2 жніўня 1926 года ў в. Горнае Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1944 па 1955 гады служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму. Скончыў Мінскую школу дзесятнікаў-будаўнікоў і атрымаў спецыяльнасць машыніста экскаватара. З 1959 года і да выхаду на пенсію працаваў у Старадарожскай меліярацыйнай арганізацыі ПМК-73 рабочым, брыгадзірам, начальнікам участка, машыністам экскаватара на шматлікіх аб’ектах рэспублікі і за яе межамі.

    За 7 гадоў выканаў 15 гадавых норм. 23 ліпеня 1965 года за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме меліярацыі прысвоена званне «Заслужаны меліяратар БССР», а ў красавіку 1966 года за высокія паказчыкі па правядзенню меліяратыўных работ – званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны». У 1994 годзе прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Старыя Дарогі».

    Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Давыдаў Іван Мікітавіч

    Нарадзіўся ў 1933 годзе ў в. Мінкавічы Старадарожскага раёна. Пасля школы фабрычна-заводскага навучання працаваў у Ніжне-Сергінскім леспрамхозе Свярдлоўскай вобласці, затым шахцёрам, брыгадзірам праходчыкаў у горадзе Шахцёрску.

    За высокія паказчыкі пры выкананні планавых заданняў Указам Прэзідзіума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 сакавіка 1971 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Лаурэат Ленінскай прэміі, узнагароджаны ордэнам Леніна.

    Ганаровы грамадзянін горада Шахцёрска.

    Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Памёр у 1981 годзе.

    Валіцкая Элеанора Іванаўна

    Нарадзілася 12 жніўня 1928 года ў горадзе Старыя Дарогі. У час Вялікай Айчыннай вайны была вывезена акупантамі на прымусовыя работы ва Усходнюю Прусію. Пасля вызвалення вярнулася на Старадарожчыну. Працоўную дзейнасць пачала ў 1947 годзе ў калгасе «Сцяг камунізма» у вёсцы Горкі Старадарожскага раёна паляводам, затым звеннявой паляводчай брыгады.

    З 1963 года і да выхаду на пенсію працавала ў жывёлаводстве: спачатку цялятніцай, затым больш як 30 год даяркай. Неаднаразова была пераможцай у раённым спаборніцтве. Першая ў Старадарожскім раёне дасягнула 4-тысячнага надою малака ад каровы.

    За шматгадовую добрасумленную працу, высокія паказчыкі па надоях малака ў 1976 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Узнагароджана двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Занесена ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Казачок Алег Вікенцьевіч

    Нарадзіўся ў 1940 годзе ў в. Боркі Старадарожскага раёна. Працоўную дзейнасць пачаў у 1957 годзе рабочым саўгаса «Любанскі» Любанскага раёна. Пасля заканчэння Слуцкага СПТВ працаваў трактарыстам, а з 1970 года – звенявым камсамольска-маладзёжнага звяна па вырошчванню бульбы.

    За датэрміновае выкананне плана 10-й пяцігодкі па вытворчасці бульбы, высокае майстэрства і праяўленную пры гэтым працоўную доблесць 10 кастрычніка 1974 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, залатым і бронзавым медалямі ВДНГ СССР.

    Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Памёр 17 чэрвеня 2006 года.

    Казяба Валянціна Іванаўна

    Нарадзілася 8 студзеня 1927 года ў в. Паставічы Старадарожскага раёна. Працоўную дзейнасць пачала ў калгасе імя Сталіна Старадарожскага раёна ў 1944 годзе ў паляводчай брыгадзе.

    У 1951 годзе звяно пад яе кіраўніцтвам сабрала вялікі ураджай прамысловай сыравіны – каранёу кок-сагыза: 50 цэнтнераў з гектара.

    Гэта быў самы высокі паказчык у рэспубліцы.

    У гэтым жа годзе Валянціне Іванаўне першай у раёне прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Занесена ў Кнігу Народнай Славы раёна.

      

    Клюбко Адам Адамавіч

    Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Кармазы Старадарожскага раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам атрада імя Даватара партызанскай брыгады імя Чкалава, потым у Чырвонай Арміі. Вярнуўся на Старадарожчыну, а праз некаторы час пераехаў у Любанскі раён, дзе на доўгія гады звязаў свой лёс з саўгасам «Любанскі».

    Спачатку працаваў трактарыстам, потым узначаліваў звяно па вырошчванню бульбы. На ВДНГ СССР атрымаў сярэбраны медаль.

    У 1965 годзе звяно А. А. Клюбко атрымала ўраджай бульбы па 317 ц/га.

    За працоўныя дасягненні ў 1966 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Ракавец Сцяпан Сямёнавіч

    Нарадзіўся ў 1930 годзе ў в. Дразды Старадарожскага раёна. Працоўную дзейнасць пачаў у калгасе «Дружба». Пасля службы ў Савецкай Арміі застаўся ў Алтайскім краі, дзе працаваў слесарам, трактарыстам, камбайнёрам.

    Пазней працаваў трактарыстам у Кіргізіі, а з 1967 года ўзначальваў комплекснае звяно на машына-выпрабавальнай станцыі. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1971 годзе. Сцяпан Сямёнавіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Кіргізскай ССР.

    Узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. У 1986 годзе пераязджае на Старадарожчыну, дзе да апошняга часу працаваў у саўгасе «Слабадскі».

    Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Памёр 16 студзеня 2000 года.

    Шуба Аляксей Іванавіч

    Нарадзіуся 12 лютага 1912 года ў в. Падарэссе Старадарожскага раёна. У 1939 годзе скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гадоў. Са снежня 1941 года арганізатар і кіраўнік Старадарожскай падпольнай партыйна-камсамольскай арганізацыі і першай партызанскай групы ў раёне. З 1942 года – камандзір партызанскага атрада «Народныя мсціўцы», у сакавіку 1943 – ліпені 1944 – камандзір 100-й партызанскай брыгады «Смерць фашызму».

    У 1944-1950 гадах працаваў загадчыкам аддзела аховы здароўя Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, у 1952-1971 гадах – галоўны ўрач 1-й клінічнай бальніцы г. Мінска. У 1948 годзе Аляксею Іванавічу прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР», у 1969 годзе за поспехі, дасягнутыя ў галіне аховы здароўя – званне Героя Сацыялістычнай Працы.

    Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны», медалямі. Яго імя прысвоена Падарэсскай сярэдняй школе Старадарожскага раёна.

    Занесены ў Кнігу Народнай Славы раёна.

    Памёр 26 снежня 1971 года.

    Нашы землякі, загінуўшыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане

    Доўнар Пётр Віктаравіч (11.07.1953 - 12.04.1981)

    Ураджэнец в. Языль Старадарожскага раёна. Службу ў Афганістане праходзіў са студзеня 1980 года.

    Новік Віктар Аляксандравіч (20.01.1963 - 30.12.1981)

    Ураджэнец в. Церабуты Старадарожскага раёна. У 1981 г. быў накіраваны для праходжання службы ў Афганістане.

    Рамкевіч Сяргей Мацвеевіч (23.01.1967 - 29.08.1985)

    Ураджэнец в. Крываносы Старадарожскага раёна. У ліпені 1985 г. быў накіраваны для праходжання службы ў Афганістане.

    Русаковіч Аляксандр Данілавіч (16.07.1962 - 02.10.1982)

    Ураджэнец в. Рухава Старадарожскага раёна. З 1982 г. праходзіў службу ў Афганістане.

    Дудаль Уладзімір Мікалаевіч (25.05.1966 - 22.08.1985)

    Ураджэнец г. Манчагорска Мурманскай вобласці пражываў у г. Старыя Дарогі. У чэрвені 1985 г. накіраваны для праходжання службы у Афганістане.

    Усе загінуўшыя за мужнасць і гераізм узнагароджаны медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту» ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна). Ва ўшанаванне іх памяці ў г. Старыя Дарогі ўстаноўлены помнік.